«СТРА́ШНЫ СУД»,

у хрысціянскай эсхаталогіі суд, які канчаткова вызначыць лёс грэшнікаў і праведнікаў. Яго вытокі ў стараж.-егіп. вераванні ў замагільны суд Асірыса, на якім узважваюцца добрыя і злыя справы кожнага чалавека, і ў старазапаветным вучэнні пра «суд Яхве». У хрысціянстве «С.с.» звязваюць з другім прышэсцем Хрыста, які пасля завяршэння існавання чалавецтва здзейсніць суд над уваскрэслымі людзьмі. Вучэнне пра «С.с.» развівалася ў Евангеллях ад Матфея і Іаана, Апакаліпсісе, творах Яфрэма Сірына і інш.; замацавана ў хрысц. сімвале веры. Шэраг пратэстанцкіх кірункаў абвяргае літаральнае тлумачэнне «С.с.», а разглядае яго як сімвал, алегорыю. У ісламе «С.с.» адпавядае кіяма.

т. 15, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)